Чудовий білоруський історик про загарбання Московією їх земель

Чудовий білоруський історик про загарбання Московією їх земель

Міф про «триединый российский народ», як штучний продукт імперського і совєцького агитпрома, давно зруйнований.

Але, разом із тим, у свідомості деяких українців лишаються уявлення про те, що нехай українці і не мають ніякого відношення до росіян (і навпаки), але от беларуси – от ті точно з росіянами один народ (чи щось подібне).

І хоча в Беларусі досі біда із незалежною наукою, але навіть там є класні праці, які також давно поставили все на свої місця та визначили росіян як виключно окупантів на беларуських землях.

Наведу уривки із чудової наукової роботи Генадзя Сагановіча “Невядомая вайна: 1654-1667″, яка розповість про один з завершальних етапів поневолення московщиною цього європейського, вільного і прекрасного народу в описаний період. А також і жахливі подробиці цього поневолення, коли було винищено більше половини населення, а Беларусь фактично зруйнована. В першу чергу удар Московщини був завданий проти беларуськоі армії, віри і мови, бо тільки так можна було поневолити народ і відібрати незалежність. За ними вже прийшли фізичне винищення, вбивства, голод, арешти, катування і поневолення.

Мовою оригіналу, бо для кожного українця не лише повністю зрозуміла, але, на мою думку, надзвичайно прекрасна (читаючи книгу отримав задоволення не лише від цікавої інформації, але і від самої мови):

АКУПАНТЫ І ПАРТЫЗАНЫ

А здешних, государь, краев люди ненадежны.

Ваявода Мікіта Бабарыкін

Для заняволенай, але так дарэшты і не падпарадкаванай Беларусі падпісанне Віленскага пагаднення мала што змяніла. Як і ў ваенным часе, людзей тут абдзіралі, бралі ў няволю, забівалі. Насельніцтва цярпела ад маскоўскіх гарнізонаў…

…сама страшнымі былі, бясспрэчна, дзеянні царскіх ваяўнікоў. Яшчэ напрыканцы 1655 г. ковенскі земскі суддзя Стэфан Мядэкша запісаў, праехаўшы па беларускім Панямонні, што тут скрозь «трупаў па дарогах поўна, вёскі, мястэчкі, сядзібы папаленыя, беднай хаткі цяжка пабачыць цэлай [29, s.18]. Менскі павет, згодна з паведамленнем саміх жа маскоўскіх ваяводаў, у 1656 г. ужо быў «весь пуст и выжжен», а сяляне разбягаліся, хто куды, каб не памерці ад голаду. У Койданаве на той час было «мещан и крестьян … только дымов со двести… и те все пограблены, разорены до остатку», а жыхары скардзіліся, што таксама паміраюць ад голаду [9, с.202]. Шклоўскі павет у 1658 г. быў настолькі спустошаны, а «села и деревни позжены», што войска царскага ваяводы Далгарукага, маючы загад стаяць на Шклоўшчыне, мусіла адыходзіць на Смаленск, каб хоць неяк пракарміцца [5, т.2, с.615]. І гэтак – амаль па ўсёй Беларусі. Хіба толькі заходнім землям крыху пашчасціла, бо яны з шэрагу прычынаў пацярпелі параўнальна менш.

З падпісаннем пагаднення насельніцтву мусіла б стаць спакайней, аднак гвалту бадай не паменела. У 1657 г. полацкая шляхта пісала ў скарзе, што ўсё Полацкае ваяводства «от войска царя… под Ригу и с под Риги идучи, ни во что спустошено», а шляхта Віцебскага ваяводства прасіла абароны ад маскоўскіх салдатаў і стральцоў, якія «насилством ночью на маетности шляхетские и на крестьянские дворы… находят и наезжают и огнем жгут и до смерти побивают…» [11, с.69, 72, 273]. Ашмянская шляхта жалілася, што маскоўскія залогі «гумна молотят, местечка и села наезжаючи, людей мучат… животину что сыщут всю емлют» ды яшчэ пагражаюць, што «имеют приказ рубити и в полон их имати». Нават епіскап полацкі і віцебскі Каліст, заўзяты прыхільнік праваслаўнага маскоўскага манарха, не вытрымаў і напісаў ваяводу Івану Хаванскаму адчайны ліст, што Полацкае ваяводства ўжо вынішчана дазвання. «Навошта столькі крыўды, раскрадання, пакутаў і забойства ў гарадах і ў вёсках, у лясах і на полі, за што ў кожным месцы чуецца плач і ліюцца слёзы?» – пытаўся ён, апелюючы да хрысціянскае маралі [11, с.131-132].

Звычайна людзі ўцякалі ад гвалту ў лясы ці ў яшчэ глухія невядомыя чужынцам вёскі, але царская адміністрацыя і там знаходзіла іх ды сілай вяртала ў гарады і мястэчкі пад свой кантроль. Прыкладам такога «дабрадзейства» былі падзеі ў Вільні, калі цар загадаў ваяводу Шахоўскаму вяртаць шляхту, мяшчанаў і сялянаў, якія разбегліся па ваколіцах, абяцаючы ім ранейшую зямлю, але калі тыя не прыйдуць у Вільню – высылаць на іх войска, непаслухмяных хапаць і кідаць у віленскі астрог.

Ад мноства непахаваных трупаў людзей і жывёлаў лютавалі эпідэміі. Зараза з’явілася ў Беларусі яшчэ на пачатку вайны і, праўдападобна, прыйшла з тэрыторыі Маскоўшчыны, дзе ў 1654 г. быў вялікі мор, але апагей гэтай бяды прыпаў на час замірэння. Эпідэмія суправаджалася страшэнным голадам. Увесну 1656 г. рэшткі незабранага збожжа папсавалі палявыя мышы, што сапраўдным нашэсцем накінуліся на край, асабліва на Менскае ваяводства. Пасля гэтага «голад страшны настаў, які трываў аж да жніва 1657 г., так што катоў, сабак, здыхляціну ўсялякую елі, а на астатак людзей рэзалі і целы людзкія елі і памерлым трупам людзкім у дамавіне выляжацца не давалі», – пісаў, сам перажыўшы ўсё тое, слуцкі шляхціч Ян Цадроўскі [25, s.146]. Пра тое ж не раз паведамлялася ў афіцыйных дакументах царскай адміністрацыі: што ў Беларусі «не токмо что мертвечину и всякую нечистоту, но и плоти человеческие едят…» [6, т.3, с.576, 578, 582]. Маштабы бязлітаснай эпідэміі, якая запанавала на беларускай зямлі, цяжка ўяўляюцца. Паводле запісаў Мядэкшы, памерлыя ляжалі паўз дарогі, іх не было каму пахаваць, а сабакі, жывячыся мерцвякамі, разносілі заразу далей. Найбольш пацярпелі ад пошасці, відаць, Менскае ды Берасцейскае ваяводствы. Шмат людзей памерла ў самім Менску, дзе не ўбярогся ад смерці і царскі ваявода Хведар Арсеньеў. Калі Стэфан Мядэкша ехаў да Шарамецева ў Барысаў, той загадаў да Менска не набліжацца і з ніводным чалавекам з Менскай залогі не сустракацца.

У 1658 г. эпідэмія ўспыхнула з новай сілай. Ратуючыся, маскоўскія ваяводы ставілі на дарогах заставы, рабілі засекі. А цар наракаў, што з прычыны мору ён атрымлівае надта мала інфармацыі з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага…

У тыя гады на занятых абшарах Аляксей Міхайлавіч нават рэлігію зрабіў сваёй зброяй. Правам на існаванне тут надзялялі толькі адну канфесію – праваслаўную. Ацалелыя неправаслаўныя храмы ці зачыняліся, ці перадаваліся святарам грэцкага абраду, як, прыкладам, у Смаленску ды ў Старым Быхаве, дзе цар загадаў «в каменном костеле быть соборной церкви». Людзі апынуліся ў такім становішчы, што часам трэба было пераходзіць у праваслаўную веру адно дзеля таго, каб выжыць, каб не памерці з голаду [5, т.3, с.101]. Асабліва даставалася вуніяцкай царкве. Сам вуніяцкі мітрапаліт ратаваўся толькі тым, што таемна пераходзіў з месца на месца, несучы з сабою рэшткі мошчаў полацкага вуніяцкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, якія да вайны захоўваліся ў Полацку…

Што ж да вуніятаў, дык яны аніколі не ведалі літасці з боку царскага ўрада. Пад час тых жа віленскіх перамоваў маскоўскія паслы неадступна патрабавалі: «Уния должна быть уничтожена, ибо она Богу всемогущему грубна» [64, т.10, с.638]. Незалежна ад ваенна-палітычнай сітуацыі на занятай тэрыторыі храмы вуніятаў абавязкова зачыняліся, землі іх канфіскоўваліся, а саміх парафіянаў найчасцей высылалі ці пераводзілі ў праваслаўе. Прыкладам, у 1658 г. сам цар загадаў свайму віленскаму ваяводу Міхайлу Шахоўскаму «из города Вилны и из иных городов и мест, которые к Вилне близко, униятов всех, кто где живет… высылать вон тотчас, и заказ учинить крепкой, чтоб впредь униятов нигде не приймовали и высылали их вон, чтобы от них в вере каких расколов не было». Сабраўшы вуніятаў, ваявода абвясціў ультыматум: або яны перахрысцяцца ў праваслаўе, або іх выганяць. Падумаўшы, шмат хто пагадзіўся змяніць веру [4, с.261]. Пад гэтакім ціскам за гады акупацыі ў праваслаўе было пераведзена, відаць, усё вуніяцкае жыхарства Беларусі.

Нецярплівасць маскоўскіх уладаў да іншых веравызнанняў вельмі ўражвала сучаснікаў тых падзеяў. Пасол аўстрыйскага імператара Аўгусцін Маербэрг, які ездзіў пад час вайны ў Маскву, нават параўноўваў цара з турэцкім уладаром. Але калі турак, лічачы ўсе веравызнанні ніжэйшымі за сваю веру, усё ж дазваляе праводзіць каталіцкія, і праваслаўныя набажэнствы, дык «масквіцяне толькі ўвойдуць у адкрытую браму якога-колечы горада … адразу ж знішчаюць усялякае падабенства каталіцкай веры», – адзначаў ён [15, с.199].

Умацоўваючы праваслаўную царкву ў Беларусі, царскі ўрад імкнуўся цалкам узалежніць яе ад Масквы. У 1655 г. Магілеўскае епіскапства было падпарадкавана непасрэдна патрыярху Нікану. Цяпер епіскапа зацвярджала Масква, даходы ішлі ў Маскву, яна ж трымала пад пільным наглядам мясцовае духавенства. Ненадзейных святароў замянялі сваімі. У Беларусь ехала мноства папоў з Маскоўскай дзяржавы. Вядома, што ў Віцебску тады былі царкоўныя служкі з Тарапца, а ў Шклоў летам 1655 г. прыслалі 23 святароў з самой Масквы.

Аднак на ўзроўні мясцовай царскай адміністрацыі стаўленне новых уладаў да аднавернага насельніцтва Беларусі выглядала ўжо не так прывабна, як урадавая палітыка. Войска ж наогул не зважала на праваслаўнасць мясцовых жыхароў. Храмы іхныя абдзіраліся як пад час ваенных дзеянняў (прыкладам, на Берасцейшчыне, Піншчыне, Тураўшчыне), гэтак і ў гады замірэння (як было на Магілеўшчыне, Полаччыне ды ў іншых раёнах Беларусі). Не раўнуючы як паганымі наезнікамі, шмат дзе праваслаўныя цэрквы былі спаленыя царскімі ратнікамі (у Пінску, Высоцку, пад Чачэрскам ды ў іншых месцах), вёскі спустошаныя, жыхары абрабаваныя, па-бандыцку забітыя ці заняволеныя. Нават папоў мардавалі і расстрэльвалі, нават магілы нябожчыкаў парушалі [3, т.3, с.538; т.34, с.32, 67, 70; 64, т.10, с.620].

З першага года вайны царскі ўрад ажыццяўляў праграму вываду насельніцтва з Беларусі на тэрыторыю Маскоўскае дзяржавы. Загад Аляксея Міхайлавіча ад 30 ліпеня 1654 г. паклаў пачатак цэламу заканадаўству, на падставе якога палонных сталі ператвараць у прыгонных [18, с.337]. У 1655 г. патрыярх Нікан адкрыта пісаў пра намер Аляксея Міхайлавіча пасяліць на сваіх абязлюдзелых землях 300 000 палонных беларусаў. Узаконенае паляванне на людзей з мэтай пераводу іх у прыгонніцтва ці дзеля продажу набыло на занятых абшарах сама нялюдскія формы. Канфесійная прыналежнасць жыхароў тут не мела аніякага значэння – бралі ўсіх. Адзін ваявода Раман Бабарыкін у Белым (на праваслаўнай Смаленшчыне!) узяў «с посаду и их уезду … к себе неволею ж семей з двадцать, а поголовно будет с женами и з детьми блиско за двесте человек», ды парассылаў па сваіх вёсках як прыгонных [54, с.189]. Большая частка выведзеных з Беларусі людзей («литовского полону») адразу пераводзілася ў стан халопаў. Маскоўскія памешчыкі ды мяшчане маглі прыехаць ды яшчэ ў зоне ваенных дзеянняў купіць у ратнікаў патрэбную колькасць нявольнікаў, аддаючы ўсяго 3-5 рублёў за чалавека [54, с.185] ці нават яшчэ танней. Там жа, у разрадным намёце, ваенная адміністрацыя простым запісам ці адмысловай пазнакай у «палоннай кнізе», у якой вёўся ўлік захопленых, афармляла «законнае» права новых гаспадароў на іх халопаў. У Маскве такую паперу выпісвалі ў прыказе халопскага суда ці ў «съезжей избе» ваяводаў. Але быў яшчэ і прасцейшы шлях атрымання палонных ва ўласнасць – іх перахрышчванне. Хто праводзіў нявольніка з каталіцтва ды вуніяцтва ў праваслаўе, той і лічыўся ягоным уладаром. А паддзячы на Іванаўскай плошчы ў Маскве мог выпісаць «крэпасць» на выведзеных з Беларусі людзей кожнаму купцу з арабскага Ўсходу.

Паводле палонных кнігаў, мноства якіх з’явілася ў гарадах Маскоўскай дзяржавы ў часе той вайны, можна вызначыць, хто ж складаў «литовский полон», што гэта былі за «литовские люди». Пры афармленні права на нявольніка ў такіх кнігах запісвалі пра яго ўсю асноўную інфармацыю – дзень, калі палоннага прывялі, ягонае імя, паходжанне, дзе схоплены і нават узрост ды вонкавыя прыкметы…

Паводле палоннай кнігі адной Наўгародскай пяціны, з кастрычніка да жніўня таго ж года 17 чалавек прывялі і запісалі сабе 52 нявольнікаў, захопленых пад Полацкам, Віцебскам, Вільняй, Воршай, – мужчын, жанчын, дзяўчат, дзяцей. Трынаццаць з іх не мелі і 15 гадоў, астатнія – паміж 15 і 25 гадамі, і толькі двум чалавекам было 30 і 35 тадоў. А былі і зусім яшчэ маленькія дзеці – па 6, 9, 10 гадкоў. У Маскве тады ж, з сакавіка да жніўня 1656 г., князі, баяры і розныя служылыя людзі аформілі ў «выпісной кнізе» сабе 90 нявольнікаў – галоўным чынам шляхцічаў, іх жонак і дзяцей, захопленых на Смаленшчыне, Віцебшчыне, Гарадзеншчыне, у Вільні, Менскім і Варшанскім паветах, у іншых мясцінах Беларусі.

Асобнай справай быў пошук і вывад беларускіх рамеснікаў. Пры захопе гарадоў іх забіралі, бадай, першымі. Ужо ў 1654 г. з першымі партыямі нявольнікаў на Валдаі апынуліся кафляры з Дуброўні, Амсціслава, Шклова, а ў Маскве – кавалі ды збройнікі з іншых гарадоў. Ад пачатку вайны ў Беларусі з’яўляліся царскія давераныя асобы, якія мусілі спецыяльна набіраць «розных дел мастеров», вабілі высокім заробкам ці проста забіралі сілай, «по государеву указу», як, прыкладам, полацкага спевака Івана Коклю, якога ў лістападзе 1656 г. цар загадаў выправіць у Маскву «с женою и с детьми» [11, с.69], ці «золотого и серебреного и бронного дела мастеров и учеников», якіх на загад Аляксея Міхайлавіча ваявода Бабарыкін вышукваў у Беларусі ды таксама высылаў у Маскву з жонкамі і дзецьмі.

Адначасова з масавым вывадам насельніцтва Беларусі на другім этапе вайны цар спрабаваў стала сяліць у беларускіх гарадах сваіх ратнікаў. Згодна з ягоным загадам, у Полацку і Віцебску для іх адводзіліся месцы пад слабоды. На будаўніцтва двароў цар абяцаў прыслаць 10 тысячаў рублёў. Калі маскоўскія ратнікі пачулі пра гэты загад, дык сталі прасіць, каб іх сялілі ў Беларусі стала, бо яны, маўляў, тут «на вечном житье быть хотят» [5, т.3, с.94]…

Спусташэнні і здзек, голад і пошасці, масавы вывад нявольнікаў – усё гэта выклікала шырокі народна-вызваленчы рух у Беларусі. Даведзенае да адчаю насельніцтва ўзнялося на ўзброеную барацьбу з акупантамі*.

* Прыклады пасіўнага супраціву мясцовага насельніцтва акупантам таксама вядомыя з пачатку вайны. Так, калі вясной 1655 г. цар загадаў зганяць жыхароў на будоўлю мастоў і гацяў для пераправы войска, дык выявілася, што «мостов мостить и гатить некому».

Актыўны ўдзел у ваенных дзеяннях супраць маскоўцаў цывільныя жыхары многіх раёнаў Беларусі бралі з першых месяцаў вайны*. Ужо летам 1654 г., адразу ж пасля акупацыі паўночна-ўсходняй Беларусі, у Віцебскім, Полацкім, Амсціслаўскім і Смаленскім ваяводствах з’явіліся аддзелы самаабароны, складзеныя ў асноўным з мясцовых сялянаў. Маскоўскія ваяводы называлі іх «шишами», «ворами», «изменниками». Такія аддзелы імкнуліся абараніць свае вёскі, перашкаджалі захопу і вываду нявольнікаў. Партызаны звычайна мелі свае сцягі і барабаны. Праўда, іхная баяздольнасць была невысокая, бо яны не мелі ні адпаведнага вайсковага досведу, ні добрага ўзбраення (ваявалі з бердышамі, косамі, віламі, зрэдку даставалі агнястрэльную зброю). Бывала, што беларускія сяляне падтрымлівалі сваімі дзеяннямі і прафесійнае войска Вялікага Княства. Так, пад час апошняй наступальнай аперацыі Януша Радзівіла за Бярэзінай разам з ягонымі харугвамі сабраліся мясцовыя «мужыкі» [6, т.14, с.441], а вясною 1655 г. полацкія сяляне дзейнічалі пад Полацкам разам з харугвамі палкоўніка Лазоўскага. Калі ж на іх рушыла маскоўская конніца і пяхота, Лазоўскі адступіў, а сяляне прынялі бой – «с шишами Полотцкого уезду с мужиками бой был» [11, с.17].

* Пра тое, што з партызанамі маскоўскія ўлады лічыліся як з сур’ёзнай сілай, сведчыць такі факт: ужо ў жніўні 1654 г. цар папярэджваў сваіх ваяводаў пра небяспеку раптоўнага нападу з боку як рэгулярнага войска Вялікага Княства, так і партызанаў («шишов»).

Найбольш актыўна на першым этапе вайны партызаны выступалі ў паўночных і ўсходніх паветах Беларусі – у Віцебскім, Полацкім, Магілеўскім, Амсціслаўскім ды Смаленскім. Іх цэнтрамі былі Калеснікаўская, Любавіцкая і Мігулінская воласці. Партызанаў тут падтрымлівалі нават мясцовыя праваслаўныя святары, за што любавіцкі пратапоп быў арыштаваны маскоўскімі ўладамі…

На «государевых изменников» Амсціслаўшчыны (прыкладна 3 тысячы) Аляксей Міхайлавіч накіраваў са Смаленска моцнае карнае войска. Сярод амсціслаўскіх партызанаў налічвалася 15 шляхцічаў, але ролю палкоўніка там выконваў селянін Якім Патаповіч. Карнікі жорстка распраўляліся з паўстанцамі. Сямёра палонных, схопленых у сутычцы каля Амсціслава, сярод якіх былі казак, чатыры мужыкі, сялянка і шляхціч, яны доўга катавалі («пытали и огнем жгли»), потым аднаго павесілі, а астатніх – «бив кнутьем нещадно и отрезав у них носы и уши, велели послать по-прежнему в деревни, чтоб, на то смотря, иным мужикам неповадно было так воровать и в шишах ходить»….

З 1656 г. ва ўмовах паўсюднага голаду, пашырэння заразных хваробаў партызанскі рух стаў перажываць новы ўздым. Сяляне і мяшчане масава ўцякалі ў лясы, стваралі свае ўзброеныя фармаванні ці далучаліся да казакаў. У раёнах дыслакацыі казацкіх аддзелаў Івана Нячая партызанскі рух разгортваўся асабліва актыўна. Цэлыя казацкія сотні складаліся тут пераважна з беларускага сялянства. Іншыя аддзелы называлі сябе сотнямі Нячая, але ў сапраўнасці не мелі да яго аніякіх дачыненняў. Гэтакім самастойным было казацкае войска Дзяніса Мурашкі, якое дзейнічала ў Менскім і Наваградскім ваяводствах. Яго ядро ўтваралі мясцовыя мужыкі. Чавускі казацкі палкоўнік цвёрда адмаўляў якую-небудзь прыналежнасць людзей Мурашкі да нячаеўскіх аддзелаў. Мурашкаўцы нападалі на двары той шляхты, якая перайшла на бок маскоўскага цара, ставілі залогі на дарогах, перашкаджалі збіраць і вывозіць збожжа, а мясцовае насельніцтва не пускалі ехаць у акупаваны Менск…

Ды і Сапегавы харугвы ў значнай ступені складаліся з сялянаў, якія наняліся служыць ці прыйшлі з паўстанцкіх аддзелаў. Ваявода Юры Далгарукі ў верасні 1658 г. з трывогай паведамляў цару, што «вся присяжная шляхта всех поветов изменили и к ним, к гетманом к Павлу Сопеге и к Гонсевскому пристали и твоих ратных людей везде побивали, и в полон имали, и конские стада отгоняли» [5, т.2, с.613]. Паводле звестак, атрыманых на допыце «языкоў», пісаў ён далей, шляхта ўсіх гарадоў і паветаў гуртуецца ды злучаецца з сялянамі, з казакамі Мурашкі і Нячая, каб выступаць супраць непрыяцеля. Па дарогах ад Смаленска і Полацка зробленыя моцныя заставы, так што царскіх ганцоў ужо не прапускаюць. «А которые де твои ратные люди из наших полков от Вильны побежали, и тех беглецов присяжная шляхта с черкасы и с мужики по Смоленской и по Полоцкой дорогам многих побили». Крычма крычалі тады рэляцыі маскоўскіх ваяводаў: «казаки белорусские, государь, нас, ратных людей твоих, побивают»…

Палкоўнік Нячай ужо ўлетку 1658 г. добра ведаў пра планы гетмана Івана Выгоўскага (пра якога, дарэчы, запарожцы гаварылі, што яму нельга кіраваць Украінай ды казацкім войскам, бо ён – «ліцвін») зноў аб’яднацца з Рэччу Паспалітай, і таму стаў дзейнічаць адкрыта. Калі б тады дайшло да наступу войска Вялікага Княства, ягоныя і Мурашкавы сілы ўзяліся б абараняць пераправы праз Бярэзіну і Дняпро ды не прапускаць у Беларусь падмогі з Масквы. У верасні 1658 г., згодна з Гадзяцкай дамовай, Нячай канчаткова перайшоў на бок Рэчы Паспалітай разам са сваім палком і гарадамі Старым Быхавам, Чавусамі, Рославам*. Тады ж у Амсціславе і Крычаве мяшчане склалі паміж сабой спісы і, знішчыўшы царскія залогі, узялі ўладу ў гарадах у свае рукі**. Усё гэта спрыяла актывізацыі казацка-сялянскага руху ў беларускім Падняпроўі. Полк Нячая атрымаў падмогу – у лістападзе да яго прывёў 2 тысячы казакаў брат казацкага гетмана Самуль Выгоўскі. Але тады ж для барацьбы з казакамі ды паўсталым мясцовым насельніцтвам у Шклоў прыйшло вялікае маскоўскае войска на чале з Далгарукім.

* Варшанскі ваявода Палуехтаў напісаў цару, што казакі Нячая «в могилевском и дубровенском и оршанском уездах стрельцов и солдат… многих побили до смерти, а иных пожгли».

** Праз год цар прыгадваў, што амсціслаўскія ды крычаўскія «мещане нам изменили, воевод наших и ратных людей побили».

З 1658 г. вызваленчы рух у Беларусі прыкметна ўзмацніўся, асабліва на Віцебшчыне. Царскія ваяводы ў сваіх паведамленнях адзначалі, што там «изменников в собранье по местечкам во многих местах множится уездные мужики». Партызаны блакавалі Віцебск, перакрыўшы паступленне хлеба і конскага корму, адбірали ў нарыхтоўшчыкаў харчовыя запасы, перахоплівалі грашовыя зборы. Палкоўнікі Камароўскі і Мікалай Валовіч, у якога было сялянаў «тысячи з две с косами и з бердыши», тады ж вызвалілі Глыбокае. Казакі Нячая яшчэ годам раней чатыры разы прыступаліся да Магілева. Згуртаваўшыся, менская шляхта на чале з палкоўнікам Падоскім паспрабавала разбіць маскоўскую залогу ў Менску і вызваліць горад, аднак не змагла і ўжо сама мусіла ратавацца ўцёкамі. А ў Камяні-Харэцкім колькі сотняў тых жа шляхцічаў злучыліся з сялянамі і разбілі аддзел адборнай маскоўскай пяхоты (300 чалавек), які адлучыўся ад палкоў Далгарукага і займаўся рабаваннем [25, с.148]. Бешанковічы і Лукам’е былі даўно ў руках партызанаў.

Вось тады Аляксей Міхайлайлавіч распачаў сапраўдную вайну супраць вызваленчага руху. У верасні на «воров и изменников» пад Магілеў быў накіраваны моцны карны корпус пад камандай ваяводы Рыгора Казлоўскага. Інструкцыю яму складалі ў Прыказе тайных справаў пад наглядам самога цара. Патрабавалася разбіваць і разганяць казакаў і паказачаных сялянаў, калі ж у якіх мястэчках ці вёсках пачнуць не паддавацца – паліць і разбураць. Гарады, якія здрадзілі цару ці ў якіх стаялі партызаны, – «повоевать и выжечь и разорить совсем без остатку»…

Што да простых людзей, пакінутых у Маскоўскай дзяржаве, дык ім і ўліку не вялося. «Литва», «поляки», «иноземцы» ці «паны», як там называлі беларусаў [51, с.72-73] (нават сялянаў!), мэтанакіравана пераводзіліся ў халопства. Імі перадусім засялялі малалюдныя раёны, апусцелыя за гады мору, асабліва Замаскоўскі край.

Катастрофа – інакш не назавеш стан, у які была ўвергнутая Беларусь трынаццацігадовай вайной. І самыя страшныя страты – гэта страты людзкія. У Беларусі ў межах прыкладна яе сучаснай тэрыторыі колькасць насельніцтва зменшылася больш чым напалову: калі перад вайной яно дасягала 2 мільёнаў 900 тысячаў чалавек, дык на 1667 г. засталося блізу 1 мільёна 350 тысячаў [48, с.99]. Гэта прыкладна 47 адсоткаў. Гарадскога жыхарства ацалела яшчэ менш: толькі 45 адсоткаў. Ці ведала хоць адна блізкая да Беларусі краіна такія страты, ці губляў хоць адзін эўрапейскі народ 53 адсоткі сваіх жыхароў?

Бадай, не засталося ў Беларусі і аніводнага больш-менш цэлага горада. Усе яны ляжалі ў попеле ды руінах.

Вайна быццам перайначыла ўсю Беларусь. Край добра развітай гаспадаркі, рамеснай вытворчасці, далёка вядомы вырабамі сваіх майстроў, зусім запусцеў і стаў непрыкметнай ускраінай. Сотні кавалёў, кафляроў, разбяроў, тысячы іншых рамеснікаў, гвалтам адарваных ад сваей зямлі, працавалі цяпер у Маскоўшчыне. У адной толькі Збройнай палаце Крамля ў 1660 г. было 68 высокакваліфікаваных майстроў «сярэбранага і броннага і ствольнага і замочнага вінтавальных пішчаляў… і замочнай справы да святліцаў» з Полацка і Віцебска. Затое ў самім Віцебску пад канец вайны заставалася не больш за 70 усіх рамеснікаў. Наагул, развіццё рамеснай вытворчасці, яе маштабы ў спустошанай Беларусі і за стагоддзе не дасягнулі даваеннага ўзроўню. Шэраг беларускіх гарадоў у агульна-эканамічным развіцці і пры канцы ХVІІІ ст. не дасягнуў таго ўзроўню, які меў да маскоўскага нашэсця. Прыкладам, калі на пачатку ХVІІ ст. у Магілеве было за 2 тысячы рамеснікаў, дык у 1745 г. – толькі 95 [44, с.13].

Цяжка сказаць, калі ж Беларусь канчаткова акрыяла ад тае катастрофы. І ці акрыяла наагул. Вельмі ж доўга давялося пераадольваць рэгрэс – дэмаграфічны, гаспадарчы, культурны, прычынены перш за ўсё трынаццацігадовай вайной Аляксея Міхайлавіча – таго самага «добрейшего человека, славной русской души» (В.В.Ключэўскі). Думаю, менавіта да тых падзеяў сягаюць сваімі вытокамі прычыны крызісу, у які на доўгі-доўгі час трапіла беларуская культура ў цэлым. Гэта была перадусім трагедыя нацыянальная. Беларускія гарады, што паступова аднаўляліся, былі ўжо іншыя, пласт прадпрымальнікаў, мяшчанаў і гандляроў – таксама, арыстакратыя канчаткова выраклася свайго грунту – запусцелага краю, адкінутага вайной на стагоддзе назад…

А ў Маскве, сталіцы тады ўжо магутнай дзяржавы, у 1686 г. царскі ўрад, замацаваўшы поспехі мінулай вайны з Рэччу Паспалітай «Вечным мірам», спустошыўшы ды зруйнаваўшы багаты край, выбіўшы яго насельнікаў і назаўсёды пакінуўшы сабе палон ды вывезеныя каштоўнасці, спяшаўся адкінуць усю гэтую гісторыю ў нябыт: «Впредь тому всему быти забвенну и непамятну» [20, с.508].”.

Умисно наведу фото літературної адаптації із іншої відомої беларуської праці “Здрапежаная зямля” А.Л Петрашкевіча (стр. 251), яка викликає пригорання у всіх, хто досі живе в полоні москофільских доктрин і за інформаційним галасом, за формою не здатен бачити зміст, правдиві історичні свідчення і події такими, якими вони де-факто були. Фото спровокує підгорання і крики: “фейк”, додавши нам інформації про подумати, щодо всіх, хто нас оточує

А до самого тексту посту (а надто книги) рекомендую віднестись дуже серйозно і здолати ті уривки, які я навів, щоб розуміти, що методи війни і поневолення народів були ідентичні у московщини скрізь (жахливі, антилюдські за формою і змістом).

Більше історичної правди тут:

#HistoryByIgorPoluektov